НІЖАГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. У 1932—91 наз. Горкаўская вобл. Пл. 76,9 тыс. км². Нас. 3702,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 78%. Цэнтр — г. Ніжні Ноўгарад. Найб. гарады: Дзяржынск, Арзамас, Сароў, Паўлава, Кстова, Бор, Балахна. Рака Волга падзяляе Н.в. на 2 часткі: нізіннае Левабярэжжа (Заволжа) і ўзвышанае Правабярэжжа. Большая ч. Заволжа занята Волжска-Вятлужскай нізінай (выш. 80—100 м), асн. масіў Правабярэжжа — плато Прыволжскага ўзв. (выш. да 247 м), парэзанае ярамі і лагчынамі. Ёсць карставыя формы рэльефу (пячоры, правалы і інш.), вылучаецца Арзамаскі карставы раён. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, фармовачныя і шкловыя пяскі, мергель, ангідрыты, торф, фасфарыты, жал. руда, мінёр. воды і лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—550 мм за год, іх колькасць памяншаецца з ПнЗ на ПдУ, бываюць засухі. Гал. рака Волга і яе прытокі Ака з Цёшай, Сура з П’янай і Алатырам (справа) і Узола, Кержанец, Вятлуга (злева). Каля 3 тыс. азёр пераважна карставага і ледавіковага паходжання. На р. Волга Горкаўскае і Чэбаксарскае вадасховішчы. Глебы ў Заволжы дзярнова-падзолістыя і падзолістыя, на Правабярэжжы — шэрыя лясныя, дэградзіраваныя і вышчалачаныя чарназёмы. Пад лесам каля 40% тэрыторыі: у Заволжы хвойныя (елка, хвоя, піхта) і мяшаныя лясы, на Правабярэжжы дубровы і лугавыя стэпы. Кержанскі запаведнік. Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка, дзе вылучаецца аўтамаб. комплекс (грузавыя і легкавыя аўтамабілі, аўтобусы, гусенічныя цягачы, дызельныя рухавікі, вузлы і дэталі, агрэгаты, фургоны), суднабудаванне і суднарамонт (судны на падводных крылах, пасаж. цеплаходы, марскія паромы, сухагрузы), самалётабудаванне, вытв-сць тэлевізараў, прылад, станкоў, інструментаў, абсталявання для хім., харч., лёгкай прам-сці, чыг. транспарту, хім. (прадукты арган. сінтэзу, пластмасы, сінт. смолы, аргшкло, лакі, ядахімікаты) і нафтаперапр. прам-сць. Развіта пераробная чорная і каляровая металургія. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ, буйная Горкаўская ДРЭС (г. Балахна); Горкаўская ГЭС (на р. Волга). Вылучаюцца цэлюлозна-папяровая і дрэваапр., лёгкая, харч. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы: гарадзецкая размалёўка, хахламская размалёўка, апрацоўка металаў, строчавышыванне і карункапляценне. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 1663,4 тыс. га. Пасевы збожжавых культур (жыта, ячмень, авёс, грэчка, пшаніца). Вырошчваюць сланечнік, цукр. буракі, лён-даўгунец, бульбу, агародніну, канюшыну, люцэрну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Даўж. чыгунак 1,2 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,8 тыс. км (1997). Асн. чыгункі Масква—Ніжні Ноўгарад—Вятка, Масква—Арзамас—Казань, Ніжні Ноўгарад—Рузаеўка, аўтадарога Масква—Ніжні Ноўгарад—Казань. Па тэр. Н.в. праходзяць 3 галіны нафтаправода з Альмецьеўска, газаправоды з Паволжа і Зах. Сібіры. Суднаходства па рэках Волга, Ака, Вятлуга, Сура. Ніжагародскі трансп. вузел займае 1-е месца ў Расіі па рачным грузаабароце. З 1991 адноўлены Ніжагародскі кірмаш.

В.М.Корзун.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)